Міжнародныя дагаворы і акты ЕАЭС – Інфармацыйны партал ЕАЭС Аб абароне дэпазітаў

Міжнародныя дагаворы і акты ЕАЭС

Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе

У г. Астане (Рэспубліка Казахстан) 29 мая 2014 г. у ходзе пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі быў падпісаны Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Пазней, 10 кастрычніка 2014 г. да Дагавора далучылася Рэспубліка Арменія, а 23 снежня 2014 г. – Кыргызская Рэспубліка. Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ўступіў у сілу 1 студзеня 2015 г.

Еўразійскі эканамічны саюз з’яўляецца міжнароднай арганізацыяй рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. У рамках Дагавора забяспечваецца свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, правядзенне скаардынаванай, узгодненай або адзінай палітыкі ў галінах эканомікі, вызначаных Дагаворам і міжнароднымі дагаворамі ў рамках ЕАЭС.

Дадатак да Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе № 17 (Пратакол па фінансавых паслугах) прымяняецца да мер дзяржаў – членаў ЕАЭС, якія закранаюць гандаль фінансавымі паслугамі, а таксама ўстановы і (або) дзейнасць пастаўшчыкоў фінансавых паслуг. Згодна з дакументам, у банкаўскім сектары дзяржавы – члены гарманізуюць патрабаванні па рэгуляванні і наглядзе за крэдытнымі арганізацыямі, кіруючыся ў сваіх дзеяннях найлепшай міжнароднай практыкай і асноватворнымі прынцыпамі эфектыўнага банкаўскага нагляду Базельскага камітэта па банкаўскім наглядзе.

Канцэпцыя фарміравання агульнага фінансавага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза

Канцэпцыя распрацавана ў 2019 годзе ў мэтах рэалізацыі Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Яна вызначае мэты, прынцыпы, этапы, крытэрыі і асноўныя напрамкі фарміравання агульнага фінансавага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза, які з’яўляецца неад’емнай часткай еўразійскай інтэграцыі. Агульны фінансавы рынак фарміруецца з мэтай павышэння ўзроўню даступнасці, якасці і набору фінансавых паслуг для кампаній і грамадзян дзяржаў – членаў ЕАЭС, а таксама забеспячэння росту і павышэння эфектыўнасці фінансавага сектара дзяржаў-членаў, развіцця канкурэнцыі на гэтым рынку.

Мемарандум аб супрацоўніцтве ў мэтах гарманізацыі сістэм страхавання дэпазітаў дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза

Мемарандум быў заключаны паміж арганізацыямі па страхаванні (гарантаванні) дэпазітаў Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі і Расійскай Федэрацыі 27 лютага 2019 года для садзейнічання рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб Еўразійскім саюзе.

Мэтамі Мемарандума з’яўляюцца развіццё супрацоўніцтва, абмен інфармацыяй, аналіз міжнароднай практыкі і выпрацоўка кансалідаванай пазіцыі арганізацый, якія кіруюць функцыянаваннем сістэм страхавання (гарантавання) банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) у дзяржавах – членах ЕАЭС, а таксама іх узаемадзеянне з ЕЭК, нацыянальнымі цэнтральнымі банкамі, органамі выканаўчай улады, іншымі зацікаўленымі асобамі і арганізацыямі дзяржаў – членаў ЕАЭС.