Дзяржаўная установа “Агенцтва гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб” (Рэспубліка Беларусь)
Сістэма гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) у Рэспубліцы Беларусь уяўляе сабой сістэму ўзаемаадносін паміж Агенцтвам па гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб (далей – Агенцтва), банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі і фізічнымі асобамі па пытаннях гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў фізічных асоб, стымулявання прыцягнення зберажэнняў насельніцтва і ўмацавання даверу да банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь.
Суб’ектамі пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) з’яўляюцца фізічныя асобы (грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства), у тым ліку якія выступаюць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка, якія заключылі з банкам адзін або больш дагавораў банкаўскага рахунку і (або) банкаўскага ўкладу (дэпазіту) або на імя якіх заключаны такія дагаворы, а таксама іх спадчыннікі.
Аб’ектамі пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) з’яўляюцца грашовыя сродкі ў беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаныя на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) фізічных асоб у банках, прынятых на ўлік у Агенцтве.
Захаванасць грашовых сродкаў фізічных асоб, размешчаных на рахунках і (або) ва ўклады (дэпазіты) у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Рэспублікі Беларусь, ад імя дзяржавы забяспечвае Агенцтва, якое ў гэтых мэтах ажыццяўляе акумуляванне абавязковых узносаў банкаў для фарміравання яго рэзерву, кіраванне рэзервам і забяспечвае выплаты фізічным асобам пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) у выпадках, парадку, на ўмовах і ў памерах, прадугледжаных заканадаўствам.
Агенцтва створана ў форме дзяржаўнай установы ад імя Рэспублікі Беларусь Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам 21 лістапада 2008 г. (пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі некамерцыйнай арганізацыі ад 21 лістапада 2008 г. № 0179639).
Асноўныя мэты Агенцтва:
абарона правоў і законных інтарэсаў укладчыкаў, захаванасці іх грашовых сродкаў у беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаных у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, стымуляванне прыцягнення зберажэнняў і ўмацаванне даверу да банкаўскай сістэмы.
Прадмет дзейнасці Агенцтва:
забеспячэнне выплаты фізічным асобам пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), акумуляванне абавязковых узносаў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый для фарміравання рэзерву Агенцтва, прызначанага для выплаты такога пакрыцця, і кіраванне ім.
Асноўныя задачы Агенцтва:
стварэнне ўмоў для забеспячэння гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб, забеспячэнне правядзення дзяржаўнай палітыкі ў сферы абароны правоў і законных інтарэсаў фізічных асоб і ўмацаванне даверу фізічных асоб да банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь у мэтах прыцягнення ў эканоміку дадатковых інвестыцый.
У адпаведнасці з асноўнымі задачамі Агенцтва забяспечвае выплату пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), вядзе рэестр патрабаванняў фізічных асоб, прымае на ўлік банкі, вядзе іх рэестр, вызначае групы рызыкі, да якіх адносяцца банкі для мэт ажыццяўлення разліку каляндарных узносаў, правярае своечасовасць і паўнату пералічэння банкамі абавязковых узносаў, размяшчае часова свабодныя грашовыя сродкі рэзерву, выконвае па рашэнні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь функцыі часовай адміністрацыі па кіраванні банкам і па рашэнні суда, які разглядае эканамічныя справы, функцыі антыкрызіснага кіраўніка пры ажыццяўленні працэдуры банкруцтва банка і іншыя функцыі, ускладзеныя на Агенцтва Законам Рэспублікі Беларусь ад 08.07.2008 № 369-З “Аб гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб” і Статутам.
Дзеючая сістэма гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) прадугледжвае поўнае (стопрацэнтнае) пакрыццё сродкаў фізічных асоб, размешчаных на рахунках і ва ўкладах у банку, у якога адклікана спецыяльны дазвол (ліцэнзія) на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, які дае права на ажыццяўленне банкаўскай аперацыі па прыцягненні грашовых сродкаў фізічных асоб у банкаўскія ўклады (дэпазіты), у цэлым або ў частцы ажыццяўлення гэтай банкаўскай аперацыі, за выключэннем сродкаў, размешчаных фізічнай асобай у якасці індывідуальнага прадпрымальніка.
Для індывідуальных прадпрымальнікаў прадугледжана абмежаванне выплат па сродках, размешчаных у адным банку, сумай, эквівалентнай ста тысячам беларускіх рублёў.
Пры гэтым выплата пакрыцця па ўкладах у замежнай валюце ажыццяўляецца ў валюце ўкладу або, па жаданні ўкладчыка – у беларускіх рублях.
На ўліку ў Агенцтве знаходзяцца ўсе банкі Рэспублікі Беларусь, якія маюць ліцэнзію Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на прыцягненне грашовых сродкаў насельніцтва ва ўклады (дэпазіты).